Ганна Родзіна

Сон-ява, прывіды ў пасляпаўднёвую спякоту, матэрыялізаваныя прывіды - іх ўлоўлівае чуйны пэндзаль Бур’яка і акуратна размяшчае на паверхні палатна. Гэта не сюррэалізм, гэта іншая рэальнасць. Можна звязаць яго мастацкую практыку з метафізічным жывапісам (Дэльво, Магрытт), але ў карцінах Бур’яка няма спусташэньня і закінутасці. Героі Бур’яка знаходзяцца ў сузіральнай адзіноце. Гэта ціхае, удумлівае яднанне з ледзь улоўным настроем, станам, успамінам, які выслізгвае. Мастацкая рэальнасць Бур’яка знаходзіцца па-за ўплывам прасторава-часавых умоўнасцей - яны існуюць на палатне толькі як намёк, каб не адцягваць ні героя, ні гледача, ні самога аўтара ад засяроджанасці. На чым сканцэнтравана ўся іхная ўвага? Яны назіраюць за маўклівай спрэчкай мета-пытанняў і над-адказаў.

Ганна Родзіна.